Беларускі народны касцюм

Беларускі нацыянальны касцюм – гэта традыцыйная вопратка беларусаў, якая пасля мовы лічыцца галоўнай этнічнай прыкметай. На нашай карце паказаны прыклады традыцыйнага адзення сялян, бо менавіта касцюм простых людзей мала мяняўся на працягу стагоддзяў у адрозненне ад касцюма арыстакратаў і шляхты, які крочыў следам за еўрапейскай модай.

https://mapbelarus.by/map/clothes/

 

      У кожнай мясцовасці народны касцюм мае свае асаблівасці, характэрныя рысы. І гэта не просты набор адзення з выпадковых рэчаў, а сапраўдны строй з узаемазвязаных і ўзаемападпарадкаваных элементаў, таму ў Беларусі разнавіднасці касцюма так і называюцца выразным словам «строй». У нашай краіне іх налічваецца больш за 30.

      Народны касцюм мае сваю магію, так як ён заўсёды адпавядаў уяўленням людзей пра прыгажосць жыцця. Пераважаў у вопратцы серабрыста-белы колер натуральнага лёну або воўны, бо белы азначаў свята і радасць. Шмат было чырвонага, ён сімвалізаваў само жыццё. Розныя арнаменты служылі ўпрыгожаннем і абярэгамі. Арнаменты – гэта не проста карцінкі, а сімвалы, якія надзелены глыбокім сэнсам: яны надавалі сілу і ўпэўненасць, ахоўвалі ад сурокаў.

      Жаночы касцюм больш каларытны, чым мужчынскі, і мае больш дэталяў. Кашуля шылася з ільнянога даматканага палатна; зімовая спадніца – «андарак» з лёну або воўны ў клетку або палоску; камізэлька жаночая называлася «гарсэт», «станік», «кабат», «шнуроўка», «фігарка» (і г. д.) і была, як правіла, яркага колеру. Фартух – часцей за ўсё белага колеру з арнаментам, які спалучаўся з упрыгожваннем кашулі. Фартух пачыналі насіць ужо ў падлеткавым узросце, так як ён служыў дадатковым абярэгам. Гэтую частку адзення, пачынаючы ткаць або вышываць, дзяўчынкі рабілі самі. І як толькі дзяўчынка апранала ўласнаручна зроблены фартух, яна ўжо лічылася дзяўчынай і прымалася ў кампанію дарослай моладзі. Галаўны ўбор у жанчын – гэта хустка, чапец, каптур, намітка ў выглядзе павязкі-ручніка. З упрыгожанняў выкарыстоўваліся стужкі і каралі («пацеркі»).

       Мужчынскі касцюм складаўся з некалькіх частак, перш за ўсё льняной кашулі навыпуск і штаноў. Кашуля з вышыўкай на каўняры і манжэтах, у некаторых раёнах на яе апраналі камізэльку. Штаны называліся «нагавіцы» і «порткі». Галаўны ўбор у мужчын – саламяны капялюш («брыль»), магерка, картуз, кучма, шапка-аблавуха. І як фартух у жанчын, абавязковым для мужчын быў пояс, незалежна ад узросту, дастатку або сацыяльнага статусу. Просты шнурок, перавязка або раскошны «слуцкі» пояс, але на мужчыне ён павінен быць, інакш – гэта «сорам і пасмешышча», такія былі векавыя традыцыі.

       Верхняя вопратка ў мужчын і жанчын – світы з сукна, армякі, кажухі і кажушкі. Абутак летам – лапці ці басанож, а зімой – валёнкі, скураныя пасталы, боты і чаравічкі.

       Адзенне магло расказаць пра чалавека многае. Напрыклад, абутак «казаў» пра дастатак, так як бедныя людзі не маглі дазволіць сабе скураныя боцікі, а толькі лапці або скураныя пасталы. Галаўны ўбор мог «паведаміць» пра сямейнае становішча: замужнія жанчыны, да прыкладу, вянкі са стужачкамі не насілі і г. д.

      Нацыянальны касцюм беларусаў адпавядаў надвор’ю, прычыне і нагодзе, статусу ўладальніка («відаць пана па жупану»), і, акрамя ўсяго іншага, ён быў прыгожым. У наш час народны касцюм застаўся жыць толькі ў мастацтве, новы час – новыя ўмовы жыцця, іншая мода. І ўсё ж некаторыя рэчы зноў вяртаюцца і радуюць нас сваёй прыгажосцю і практычнасцю. Пра што гаворка? Правільна, пра «вышыванку», хоць на Беларусі вышытую кашулю так ніколі не называлі, гэта была «кашуля», а святочная, вядома, з вышыўкай. Але ўсё роўна, галоўнае, і гэта радуе, што моладзь вяртаецца да вытокаў, шануе гісторыю сваёй краіны і ганарыцца ёю, таму «вышыванка» або «вышымайка» і стала часткай сучаснай моды. А ў цябе яна ёсць?